ТАКІ́ЙСКІ ПРАЦЭ́С,
судовы працэс над гал. яп. ваеннымі злачынцамі пасля 2-й сусв. вайны. Адбыўся 3.5.1946—12.11.1948 у Токіо ў Міжнародным ваенным трыбунале для Д. Усходу. Праведзены на падставе патрабаванняў Патсдамскай дэкларацыі 1945 і Акта аб капітуляцыі Японіі ад 2.9.1945. Суду падлягала група з 28 дзярж. і ваен. дзеячаў Японіі, прыгавор вынесены адносна 25 з іх (2 падсудныя памерлі ў час працэсу, 1 прызнаны ў стане несвядомасці). У ходзе працэсу праведзены 818 адкрытых суд. пасяджэнняў, прыняты 4356 дакумент. доказаў і 1194 паказанні сведкаў. З 4.11.1948 зачытваўся прыгавор (1214 старонак). Падсудныя прызнаны вінаватымі ў тым, што на працягу 1928—45 планавалі, рыхтавалі і вялі агрэсіўныя войны супраць Кітая, СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і інш. краін, арганізоўвалі ваен. злачынствы і злачынствы супраць чалавецтва (знішчэнне мірных жыхароў, забойствы і катаванні ваеннапалонных і інш.). Трыбунал прыгаварыў да пакарання смерцю 7 падсудных (павешаны ў Токіо ў ноч на 23.12.1948), да пажыццёвага зняволення 16, да 20 гадоў турмы — 11, да 7 гадоў зняволення — 1 падсуднага. Т.п., як і Нюрнбергскі працэс, садзейнічаў зацвярджэнню прынцыпаў і нормаў сучаснага міжнар. права ў галіне асуджэння дзярж. агрэсіі.
Літ.:
Смирнов Л.Н., Зайцев Е.Б. Суд в Токио. М., 1978;
Рагинский М.Ю. Милитаристы на скамье подсудимых: По материалам Токийского и Хабаровского процессов. М., 1985.
т. 15, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)